Вынікі конкурсу "Буслік-2016"

11.04.2016

Буслік

Падведзены вынікі конкурсу "Буслік-2016". Гульня-конкурс "Буслік-2016" праводзілася 18 лютага 2016 года. Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел 103 672 навучэнцы з 2 762 устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Сёння ў свеце больш за 6 тысяч моў. "Народ i мову нельга ўявіць адно без аднаго. – пісаў вядомы pycкi лінгвіст І.І. Сразнеўскі, – Народ выражае сябе найпаўней i найдакладней у мове сваёй”. Беларуская мова з’яўляецца адной з высокаразвітых нацыянальных моў народаў свету і прызнана роўнай сярод іншых моў. У нашай краіне беларуская мова з'яўляецца адной з дзвюх дзяржаўных моў, а літаратурныя творы беларускіх пісьменнікаў і паэтаў вядомы ў іншых краінах.

У гульні-конкурсе па беларускай мове "Буслік-2016" прынялі ўдзел 103 672 навучэнцы, што на 4083 перавышае колькасць удзельнікаў леташняга конкурсу. У параўнанні з 2015 годам колькасць удзельнікаў узрасла ва ўсіх рэгіёнах, акрамя Мінскай вобласці. Найбольшую колькасць удзельнікаў конкурсу прадставілі ўстановы адукацыі г.Мінска. Размеркаванне ўдзельнікаў па рэгіёнах адлюстравана на дыяграме:

Буслік

Конкурс праводзіўся па пяці варыянтах заданняў, якія былі падрыхтаваны для вучняў 3-11-х класаў. Праявілі цікавасць і прынялі ўдзел у гульні па заданнях для 3-4-х класаў некалькі навучэнцаў 2-х класаў. Размеркаванне ўдзельнікаў у адпаведнасці з класамі наступнае:

Буслік

Нагадаем, што за кожны правільны адказ у залежнасці ад складанасці пытання ўдзельніку налічаюцца 3, 4 ці 5 балаў. Няправільны адказ ацэньваецца чвэрцю балаў, прадугледжаных за дадзенае пытанне, і залічваецца са знакам "мінус". Але калі ўдзельнік не дае адказу, то захоўвае набраныя раней балы. Узровень складанасці пытанняў вызначаецца пасля праверкі ўсіх работ па колькасці ўдзельнікаў, што адказваюць на іх правільна. Дзесяць самых лёгкіх пытанняў, на якія правільна адказвае большая колькасць удзельнікаў, ацэньваюцца па 3 балы, дзесяць найбольш цяжкіх пытанняў ацэньваюцца па 5 балаў, астатнія дзесяць пытанняў ацэньваюцца па 4 балы. Узровень складанасці і працэнт правільных адказаў на пытанні аднаго задання для двух класаў падлічваецца для кожнай паралелі асобна. Такая сістэма падліку на наш погляд найбольш аб'ектыўная і ўлічвае адрозненні ва ўзроўні ведаў удзельнікаў, розных па ўзросту. Такім чынам, адно і тое ж пытанне задання можа прадстаўляць неаднолькавую ступень складанасці для ўдзельнікаў з розных паралеляў.

Ніжэй на дыяграмах прыведзены дадзеныя аб працэнце ўдзельнікаў, якія правільна адказалі на кожнае з пытанняў задання. Тры ўзроўні складанасці (3 балы, 4 балы і 5 балаў) для нагляднасці выдзелены рознымі колерамі.

Паспяховасць выканання задання для 3-4-х класаў, над якім працавалі самыя юныя ўдзельнікі, якія навучаюцца ў 2 класе і якія пажадалі праверыць свае веды:

Буслік

Паспяховасць выканання гэтага ж задання вучнямі 3-х класаў:

Буслік

Інфармацыя аб выкананні гэтага задання ўдзельнікамі – навучэнцамі 4-га класа:

Буслік

Як бачна з дыяграм, у гэтым заданні ў розную колькасць балаў для ўдзельнікаў з розных паралеляў ацэнены пытанні №2, №16, №18, №21 і №23. Прымаючы да ўвагі, што другакласнікаў у адносінах да колькасці вучняў 3-4-х класаў было непараўнальна мала, а таксама тое, што гэта былі магчыма самыя лепшыя іх прадстаўнікі, тым не менш цікава адзначыць, што на некаторыя пытанні ў працэнтных адносінах самыя малодшыя ўдзельнікі адказвалі лепш, чым трэцякласнікі і, нават, чацвёракласнікі. Так, на пытанні №5, №6, №8, №16, №20, №22 і №24 другакласнікі адказвалі лепш, чым вучні 3 класа, а на пытанні №18, №22 і №24 нават лепш вучняў 4 класа. У аргкамітэта конкурсу ёсць і іншыя тлумачэнні такой цікавай сітуацыі. На ўсе пытанні чацвёракласнікі адказвалі лепш за трэцякласнікаў. І гэта натуральна. Найбольшую колькасць правільных адказаў атрымана на пытанне №4 (81%, 87% і 94% адпаведна). Большасць удзельнікаў правільна здагадаліся, што ў вершаваных радках М. Пазнякова гаворка ідзе пра вавёрку. Найбольш складаным для другакласнікаў аказалася пытанне №12. Большасць удзельнікаў змаглі скласці толькі чатыры слова з прапанаваных складоў і выбралі у якасці правільнага варыянт адказу А. Толькі 15% удзельнікаў склалі ўсе 5 агульных назоўнікаў (сава, каза, каса, кава, ваза) і правільна адказалі на гэта пытанне. Для вучняў 3-х і 4-х класаў найбольш складаным стала пытанне №20 (11% і 13% правільных адказаў адпаведна). Напэўна дзяўчынкі і хлопчыкі забыліся, што гук [о] можа абазначацца літарай “о” і літарай “ё”.

Звесткі аб выкананні задання для 5-6-х класаў вучнямі 5-га класа:

Буслік

Паспяховасць выканання гэтага ж задання вучнямі 6-га класа:

Буслік

З-за некарэктнай умовы задання пытанне №6 не ацэньвалася. У гэтым заданні ў розную колькасць балаў для ўдзельнікаў з розных паралеляў ацэнены пытанні №9, №17, №21 і №30, пры гэтым на пытанні №17, №22, №24 і №30 у працэнтных адносінах пяцікласнікі адказвалі больш паспяхова, чым шасцікласнікі. Для ўдзельнікаў – навучэнцаў 5 і 6 класаў самым лёгкім аказалася пытанне №2 задання (90% і 92% правільных адказаў адпаведна). Большасць вучняў знайшлі сярод назваў дзён тыдня “лішняе” слова – назву месяца. Найбольш складаным аказалася пытанне №19 (толькі 5% і 7% правільных адказаў адпаведна). Напэўна, вучняў збянтэжыла, што назоўнікі могуць абазначаць дзеянні і стан. Але значэнне дзеяння ці стану могуць мець не толькі дзеясловы, але і іншыя часціны мовы (напрыклад, назоўнікі касьба, малацьба).

Інфармацыя аб выкананні задання для 7-8-х класаў вучнямі 7-га класа:

Буслік

Паспяховасць выканання гэтага ж задання вучнямі 8-га класа:

Буслік

Як бачна з дыяграм, у гэтым заданні таксама ёсць пытанні, якія ацэнены ў розную колькасць балаў для ўдзельнікаў з розных паралеляў. Гэта пытанні №2, №11, №12, №18, №20 і №23. Цікава адзначыць, што на трэць пытанняў сямікласнікі адказвалі не горш, чым васьмікласнікі. Так на пытанні №16 і №22 у працэнтных адносінах удзельнікі адказвалі аднолькава паспяхова. А з адказам на пытанні №3, №7, №18, №20, №24, №28, і №30 больш юныя ўдзельнікі справіліся лепш, чым старэйшыя таварышы. Большасць юнакоў і дзяўчат добра ведаюць беларускі алфавіт, таму пытанне №7 стала самым лёгкім пытаннем гэтага задання. Правільны адказ на яго далі 87% сямікласнікаў і 86% васьмікласнікаў. А вось назвы тканін школьнікі ведаюць не вельмі добра. Менш за ўсё правільных адказаў атрымана на пытанне №15 (12% і 14% адпаведна).

Звесткі аб выкананні задання вучнямі 9-га класа:

Буслік

Самым лёгкім пытаннем гэтага задання аказалася пытанне №4. 83% удзельнікаў знайшлі “лішняе” слова ў радзе. Найбольш складаным для дзевяцікласнікаў стала пытанне №20, правільны адказ на яго далі 17% удзельнікаў.

Паспяховасць выканання задання для 10-11-х класаў, над якім працавалі дзесяцікласнікі:

Буслік

Паспяховасць выканання гэтага ж задання вучнямі 11-га класа:

Буслік

З-за некарэктнай умовы пытанні №1 і №23 гэтага задання не ацэньваліся. Прааналізаваўшы адказы ўдзельнікаў, аргкамітэт прыйшоў да высновы, што ў пытанні №1 не пазначаны дакладны крытэрый вызначэння “лішняе” слова ў радзе, а для правільнага адказу на пытанне №23 вучням было б неабходна азнаёміцца з інфармацыяй, якой няма ў шырокім доступе. Таму было прынята рашэнне аб зняцці гэтых пытанняў з конкурсу.

У гэтым заданні пытанні №22 і №26 ацэнены ў розную колькасць балаў. Выклікае здзіўленне, што ў цэлым з заданнем дзесяцікласнікі справіліся лепш выпускнікоў. Толькі на пяць пытанняў з трыццаці адзінаццацікласнікі адказвалі больш паспяхова. Сярэдні бал за заданне для паралелі 10-х класаў вышэй сярэдняга бала для 11-х класаў. Самым лёгкім пытаннем гэтага задання аказалася пытанне №5. 79% дзесяцікласнікаў і 72% адзінаццацікласнікаў правільна падлічылі колькасць слоў у сказе. Меньш за ўсё правільных адказаў атрымана на пытанне №17. Выбраць патрэбныя варыянты спосабаў для размежавання амонімаў і мнагазначных слоў здолелі 12% вучняў 10-га класа і 13% выпускнікоў.

Узровень складанасці заданняў у цэлым характарызуе сярэдні бал па краіне. На наступнай дыяграме паказаны сярэдні бал для кожнай паралелі:

Буслік

Нагадваем, што кожны ўдзельнік конкурсу, яго настаўнік, бацькі могуць азнаёміцца з выкананым заданнем, прааналізаваць яго, правесці «працу над памылкамі». Для таго каб праверыць, як справіўся з заданнем канкрэтны ўдзельнік, скарыстайцеся спасылкай у полі з прозвішчам і імем вучня ў выніковай табліцы.

Звяртаем увагу на важны момант арганізацыі і правядзення конкурсу – захаванне правілаў усімі ўдзельнікамі і арганізатарамі! Азмрочвае падвядзенне вынікаў конкурсу факт таго, што выяўлены выпадкі парушэння правілаў гульні некаторымі ўдзельнікамі і арганізатарамі конкурсу. Дыскваліфікацыйнай камісіяй прынята рашэнне аб дыскваліфікацыі некаторых удзельнікаў і некалькіх устаноў адукацыі. Нагадваем, што самастойная работа над заданнем – галоўнае патрабаванне да ўдзельнікаў конкурсу.

Віншуем усіх удзельнікаў конкурсу "Буслік-2016". Кожны ўдзельнік атрымае прыз «для ўсіх». Прадугледжваецца дадатковае ўзнагароджванне ўдзельнікаў, якія паказалі лепшыя вынікі. Выказваем падзяку арганізатарам у раёнах (гарадах) і ва ўстановах адукацыі, якія адказна ставяцца да арганізацыі і правядзення конкурсу, праяўляць чуласць і ўвагу да сваіх вучняў, падтрымліваюць і развіваюць іх цікавасць да вывучэння беларускай мовы, літаратуры і мовазнаўства, раскрываюць іх здольнасці і талент.

Усім жадаем поспехаў!

uparrow