Падведзены вынікі конкурсу "Буслік-2017". Гульня-конкурс "Буслік-2017" праводзілася 16 лютага 2017 года. Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел 107 188 навучэнцаў з 2 762 устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь. |
Беларуская мова з’яўляецца адной з самых старажытных, самых багатых, самых мілагучных і прыгожых моў свету. Па словах дырэктара Інстытута мовы i лiтаратуры iмя Я. Коласа i Я. Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі А. Лукашанца, «без ведання нацыянальнай мовы любому чалавеку значна цяжэй успрымаць нацыянальныя каштоўнасці, у тым ліку такія, якія робяць яго адметным сярод іншых. Без ведання сваёй мовы значная частка нацыянальнай спадчыны для яго закрытая».
У гульні-конкурсе па беларускай мове "Буслік-2017" прынялі ўдзел 107 188 навучэнцаў, што на 3516 перавышае колькасць удзельнікаў леташняга конкурсу. У параўнанні з 2016 годам колькасць удзельнікаў узрасла ва ўсіх рэгіёнах, акрамя г. Мінска і Гродзенскай вобласці. Нягледзячы на зніжэнне колькасці ўдзельнікаў ва ўстановах адукацыі г. Мінска, колькасць іх у сталіцы была найбольшая. Размеркаванне ўдзельнікаў па рэгіенах адлюстравана на наступнай дыяграме:
Конкурс праводзіўся па пяці варыянтах заданняў, якія былі падрыхтаваны для вучняў 3-11-х класаў. Праявілі цікавасць і прынялі ўдзел у гульні і навучэнцы 2 класа. Размеркаванне ўдзельнікаў у адпаведнасці з класамі наступнае:
На дыяграмах ніжэй прыведзены дадзеныя аб тым, які працэнт правільных адказаў атрыманы ад удзельнікаў на кожнае з пытанняў задання. Узроўні складанасці пытанняў у 3, 4 і 5 балаў для нагляднасці вылучаны рознымі колерамі. Нагадаем, што узровень складанасці пытанняў вызначаецца пасля праверкі ўсіх работ па колькасці ўдзельнікаў, што адказалі на іх правільна. Дзесяць (восем для вучняў 3-4-х класаў) найбольш лёгкіх пытанняў, на якія правільна адказала найбольшая колькасць удзельнікаў, ацэньваюцца па 3 балы, дзесяць (восем) найбольш цяжкіх пытанняў ацэньваюцца па 5 балаў, астатнія дзесяць (восем) пытанняў ацэньваюцца па 4 балы.
Паспяховасць выканання задання для 3-4-х класаў вучнямі 3 класа, над якім працавалі і самыя юныя ўдзельнікі, якія навучаюцца ў 2 класе і пажадалі праверыць свае веды:
Паспяховасць выканання гэтага ж задання вучнямі 4 класа:
Як бачна з дыяграм, у гэтым заданні ўсе пытанні ацэнены ў аднолькавую колькасць балаў для ўдзельнікаў з розных паралеляў, але цікава адзначыць, што на некаторыя пытанні ў працэнтных адносінах малодшыя удзельнікі адказвалі лепш, чым чацвёракласнікі. Так, на пытанні №№6, 9 і 14 вучні 2 і 3 класаў адказвалі лепш, чым вучні 4 класа, а на пытанні №16 і №17 аднолькава паспяхова. Аднолькавымі для ўдзельнікаў з розных паралеляў сталі самае лёкае, а таксама і самае складанае пытанні. Найбольшую колькасць правільных адказаў атрымана на пытанне №13 (74% і 83% адпаведна). Большасць удзельнікаў правільна азначылі слова збожжа, якое мае падоўжаны гук [ ж]. Найбольш складаным аказалася пытанне №9. Толькі 8% удзельнікаў, вучняў 2 і 3 класаў, і 6% чацвёракласнікаў правільна адказалі на пытанне аб перакладзе з рускай мовы на беларускую слова кружка (адказ – варыянт Б, усе тры прапанаваныя словы).
Цікава адзначыць, што трэцякласнакі, з большага, выконваюць заданне не горш за вучняў чацвертага класа. Так, з дзевяці самых складаных пытанняў для чацвёртага класа трэцякласнікі на тры з іх адказваюць лепш, а на два аднолькава паспяхова. А максімальную колькасць балаў за заданне набралі сем трэцякласнікаў і толькі два чацвёракласнікі. Лічым, што вынікі такога аналізу павінны наводзіць настаўнікаў і арганізатараў конкурсу на роздум. Магчыма, у гэтым навучальным годзе трэцякласнікі больш таленавітыя і добра ведаюць навучальную праграму, нават, чацвертага класа. А, магчыма, гэтая з’ява звязана з арганізацыей і выконваннем правіл гульні-конкурсу ў пачатковай школе.
Звесткі аб выкананні задання для 5-6-х класаў вучнямі 5 класа:
Паспяховасць выканання гэтага ж задання вучнямі 6 класа:
З-за адсутнасці варыянта з правільным адказам, каб паставіць усіх удзельнікаў у аднолькавыя ўмовы, пытанне №17 гэтага задання не ацэньвалася.
Як бачна з дыяграм, у гэтым заданні ў розную колькасць балаў для ўдзельнікаў з розных паралеляў ацэнены пытанні №№ 6, 10, 22 і 30, пры гэтым на пытанні №№ 1, 10, 15, 21 і 30 у працэнтных адносінах пяцікласнікі адказвалі крышку лепш, чым шасцікласнікі. Для ўдзельнікаў, навучэнцаў 5 і 6 класаў, самым лёгкім аказалася пытанне №1 задання аб назве горада Салігорска (88% і 87% правільных адказаў адпаведна). Найболей цяжкім для ўдзельнікаў аказалася пытанне №20. Толькі 20% пяцікласнікаў і 24% шасцікласнікаў правільна адказалі, што ўсе прапанаваныя ва ўмове задання словы напісаны няправільна.
Інфармацыя аб выкананні задання для 7-8-х класаў вучнямі 7 класа:
Паспяховасць выканання гэтага ж задання вучнямі 8 класа:
З-за некарэктнай умовы задання пытанне №29 не ацэньвалася.
У гэтым заданні таксама ёсць пытанні, якія ацэнены ў розную колькасць балаў для ўдзельнікаў з розных паралеляў. Гэта пытанні №№ 5, 15, 16 і 19. Цікава адзначыць, што больш чым на трэць пытанняў сямікласнікі адказвалі не горш, чым васьмікласнікі. Так на пытанні №№ 2, 3, 4, 8, 12 і 18 у працэнтных адносінах удзельнікі адказвалі аднолькава паспяхова. А з адказам на пытанні №№ 10, 11, 14, 22, 26, і 28 больш юныя ўдзельнікі справіліся лепш, чым іх старэйшыя таварышы. Пытанне №3 аб тым, як называюць каманду карабля ці самалёта, стала самым лёгкім пытаннем гэтага задання. Правільны адказ на яго далі 92% удзельнікаў – сямікласнікаў і васьмікласнікаў. Менш за ўсе правільных адказаў атрымана на пытанне №4. Толькі 9% удзельнікаў з абедзьвух паралеляў ведалі народную прыкмету аб вясёлцы “Калі вясёлка ў небе высокая і крутая, то будзе вецер, калі пахілая і нізкая, то будзе дождж”.
Звесткі аб выкананні задання вучнямі 9 класа:
Самым лёгкім пытаннем гэтага задання аказалася пытанне №2, у якім трэба было дапоўніць народныя выразы (89% правільных адказаў). Найбольш складаным для дзевяцікласнікаў стала пытанне №18 аб косках у тых сказах, у якіх яна патрэбна. Правільны адказ на яго далі ўсяго толькі 8% удзельнікаў.
Паспяховасць выканання задання для 10-11-х класаў, над якім працавалі дзесяцікласнікі:
Паспяховасць выканання гэтага ж задання вучнямі 11 класа:
У гэтым заданні пытанні №№ 13, 14, 17 і 30 ацэнены ў розную колькасць балаў. Выклікае здзіўленне той факт, што ў цэлым з заданнем дзесяцікласнікі справіліся лепш выпускнікоў. Толькі на шэсць пытанняў з трыццаці (№№ 10, 11, 13, 19, 24 і 25) адзінаццацікласнікі адказвалі больш паспяхова. Сярэдні бал удзельнікаў 10 класа ў адрозненне ад папярэніх паралеляў, дзе старэйшыя выступалі больш паспяхова, вышэй сярэдняга бала для ўдзельнікаў з 11 класа. Аднолькава лёгкім пытаннямі гэтага задання для вучняў 10 класа аказаліся пытанні №3 і №5 (па 72% правільных адказаў). Тое, што ўстойлівае спалучэнне з умовы пытыння №3 “пускаць пыл у вочы” азначае “падманваць” зналі 72% дзесяцікласнікаў, а вось з адзінаццацікласнікаў правільны адказ на гэтае ж пытанне далі толькі 65% удзельнікаў. Сярод адзінаццацікласнікаў найбольшая колькасць правільных адказаў дадзена на пытанне №5. Тое, што словы, якія выкарыстоўваюцца людзьмі той ці іншай прафесіі ці спецыяльнасці, называюцца прафесійнымі, зналі 68% выпускнікоў (нагадаем, што на гэтае пытанне сярод дзесяцікласнікаў правільны адказ далі 72% удзельнікаў). Менш за ўсё правільных адказаў сярод вучняў 10 класа атрымана на пытанне №11. Няправільна складзеныя словазлучэнні з прапанаваных знайшлі 19% дзесяцікласнікаў. Для вучняў 11 класа самым складаным стала пытанне №15. 20% удзельнікаў правільна адказалі, што мяккі знак трэба напісаць ва ўсіх прапанаваных словах.
Узровень складанасці заданняў у цэлым характарызуе сярэдні бал па краіне. На наступнай дыяграме паказаны сярэдні бал для кожнай паралелі:
Па гэтых паказчыках можна зрабіць вывад, што трэцякласнікі і чацвёракласнікі з 24 пытанняў задання даюць адказы ў сярэднім на 10-11 пытанняў, а вучні 5-11-х класаў – з 30 пытанняў адказваюць у сярэднім на 11-14, прычым 11 правільных адказаў у сярэднім даюць дзевяцікласнікі, а 14 – васьмікласнікі. Як заўжды, працэнт правільных адказаў ўдзельнікаў пачатковаў школы больш высокі, чым у старэйшых удзельнікаў.
Азмрочвае падвядзенне вынікаў той факт, што як і раней выяўлены выпадкі парушэння правілаў гульні некаторымі ўдзельнікамі і арганізатарамі конкурсу. У параўнанні з папярэднімі конкурсамі такіх выпадкаў стала менш, але на жаль яны яшчэ маюць месца. Дыскваліфікацыйнай камісіяй прынята рашэнне аб дыскваліфікацыі некаторых удзельнікаў, асобных паралеляў і некалькіх устаноў адукацыі. Некаторыя арганізатары ва ўстановах папярэджаны аб завышаных балах і калектыўным выконванні задання некаторымі удзельнікамі. Яшчэ раз звяртаем увагу арганізатараў ва ўстановах адукацыі і раённых аддзелах і ўпраўленнях адукацыі на тое, што вынікі конкурсу падводзяцца для кожнага раёна (горада) асобна, што дзеці гуляюць і спаборнічаюць толькі паміж сабой, а колькасць дадатковых прызоў залежыць у першую чаргу ад колькасці ўдзельнікаў а не ад найбольшай колькасці набраных балаў. Нагадваем таксама, што самастойная, без парушэння правілаў, работа над заданнем – галоўнае патрабаванне да ўдзельнікаў і арганізатараў конкурсу, на што мы вельмі разлічваем, калі іх рыхтуем. Спадзяемся, што вынікі конкурсу стануць тэмай іх абмеркавання кіраўнікамі раённых метадычных аб’яднанняў настаўнікаў і метадыстамі аддзелаў адукацыі. У першую чаргу заслугоўваюць увагі тыя настаўнікі і ўстановы, дзе гытыя вынікі вельмі высокія. Падчас работы дыскваліфікацыйнай камісіі выявіліся, напрыклад, такія факты. Удзельніца “Бусліка” з дыпломам трэцяй ступені рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры мае вынік у 120 балаў са 150 магчымых, а ў некаторых школах выяўляюцца паралелі з баламі ўдзельнікаў значна вышэйшымі, але ў асноўным такія ўдзельнікі не з’яўляюцца пераможцамі нават раённай алімпіяды.
Нагадваем удзельнікам і арганізатарам конкурсу, што на працягу месяца вынікі з'яўляюцца папярэднімі. Праз адзін месяц пасля размяшчэння на сайце папярэднія вынікі конкурсу аб'яўляюцца канчатковымі і ніякім зменам не падлягаюць.
Аргкамітэт віншуе ўсіх удзельнікаў конкурсу "Буслік-2017". Кожны ўдзельнік атрымае прыз «для ўсіх». Навучэнцы, якія паказалі лепшыя вынікі ў сваім раёне і ва ўстанове адукацыі, будуць заахвочаны дадатковымі прызамі. Выказваем падзяку арганізатарам, якія адказна ставяцца да арганізацыі і правядзення конкурсу.
Усім удзельнікам конкурсу жадаем поспехаў у вучобе і рэалізацыі іх планаў!