Падведзены вынікі конкурсу "Буслік-2019". Гульня-конкурс "Буслік-2019" праводзілася 21 лютага 2019 года. Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел 100 225 навучэнцаў з 2 627 устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь. |
У гульні-конкурсе па беларускай мове і літаратуры "Буслік-2019" прынялі ўдзел 100 225 навучэнцаў, што на 4027 менш у параўнанні з конкурсам папярэдняга навучальнага года. У працэнтах гэта змяншэнне па краіне склала 3,9%. Зніжэнне колькасці ўдзельнікаў адбылося ва ўсіх рэгіёнах. Найбольшы працэнт змяншэння адзначаны ў Гродзенскай вобласці (10,2%), далей ідуць Магілёўская (5%), Брэсцкая (4,7%), Гомельская (4,6%), Віцебская (4,1%), Мінская (1,4%) вобласці. У Мінску колькасць удзельнікаў зменшылася на 0,2%. Другі год запар сталіца, якая раней штогод з'яўлялася лідэрам па абсалютным паказчыках колькасці ўдзельнікаў, уступае першае месца Брэсцкай вобласці, займаючы другое месца. Размеркаванне ўдзельнікаў па рэгіенах адлюстравана на наступнай дыяграме:
Конкурс праводзіўся па пяці варыянтах заданняў, якія былі падрыхтаваны для вучняў 3-11 класаў. Праявілі цікавасць і прынялі ўдзел у гульні таксама навучэнцы другога класа і нават два першакласнікі. Размеркаванне ўдзельнікаў па класах:
На дыяграмах ніжэй прыведзены дадзеныя аб тым, які працэнт правільных адказаў атрыманы ад удзельнікаў на кожнае з пытанняў задання. Узроўні складанасці пытанняў у 3, 4 і 5 балаў для нагляднасці вылучаны рознымі колерамі. Нагадаем, што ўзровень складанасці пытанняў вызначаецца пасля праверкі ўсіх работ па колькасці ўдзельнікаў, што адказалі на іх правільна. Дзесяць (восем для вучняў 3-4 класаў) найбольш лёгкіх пытанняў, на якія правільна адказала большасць удзельнікаў, ацэньваюцца па 3 балы, дзесяць (восем) найбольш цяжкіх пытанняў – па 5 балаў, астатнія дзесяць (восем) – па 4 балы.
Паспяховасць выканання задання для 3-4 класаў самымі юнымі ўдзельнікамі, якія навучаюцца ў 1 і 2 класах і пажадалі праверыць свае веды:
Паспяховасць выканання задання для 3-4 класаў вучнямі 3 класа:
Паспяховасць выканання задання для 3-4 класаў вучнямі 4 класа:
З дыяграм бачна, што не ўсе пытанні задання былі аднолькава складанымі для ўдзельнікаў з розных паралеляў. Так, пытанні №№1, 3, 5, 6, 9, 10 і 19 ацэнены для ўдзельнікаў з розных паралеляў у розную колькасць балаў. Варта звярнуць увагу на тое, што практычна на ўсе пытанні чацвёракласнікі адказвалі больш паспяхова, чым вучні 3 класа. Выключэнне склалі толькі пытанні №№3, 19 і 23 (на гэтыя пытанні вучні 4 класа адказвалі менш паспяхова ў параўнанні і з трэцякласнікамі, і з самымі малодшымі ўдзельнікамі). Што ж тычыцца перша- і другакласнікаў, то яны справіліся з заданнем нашмат удалей. Магчыма, што ў конкурсе прынялі ўдзел найбольш падрыхтаваныя і зацікаўленыя беларускай мовай вучні першага і другога класаў. Так, толькі на сем пытанняў вучні 3 класа адказвалі лепш за самых юных удзельнікаў (№№1, 4, 5, 6, 13, 17 і 18) і на два пытанні (№8 і №21) адказалі аднолькава паспяхова ў працэнтных адносінах. У параўнанні з вучнямі 4 класа самыя малодшыя ўдзельнікі больш паспяхова справіліся з адказам на пытанні №№2, 3, 9, 11, 12, 14, 15, 19 і 23. Для ўсіх удзельнікаў пачатковых класаў самым лёгкім стала пытанне №4, у якім неабходна было дапоўніць народнае выказванне (86%, 89% і 91% правільных адказаў адпаведна). Менш за ўсё правільных адказаў атрымана на пытанне №23 аб міфалагічных назвах птушкі арла (8%, 6% і 5% адпаведна).
Звесткі аб выкананні задання для 5-6 класаў вучнямі 5 класа:
Паспяховасць выканання задання для 5-6 класаў вучнямі 6 класа:
У гэтым заданні толькі пытанні №18 і №19 ацэнены для ўдзельнікаў з розных паралеляў у розную колькасць балаў, пры гэтым на пытанні №№ 2, 5, 12, 14, 17, 18, 20 і 28 пяцікласнікі адказвалі больш паспяхова, чым шасцікласнікі. Самым лёгкім у гэтым заданні, гэтак жа як і ў заданні для 3-4 класаў, аказалася пытанне, у якім неабходна было дапоўніць народнае выказванне. Гэта пытанне №8 (76% і 78% правільных адказаў адпаведна). Найбольш складаным у гэтым заданні аказалася пытанне №4, зноў такі, як і ў заданні для 3-4 класаў, на веданне легенд, і паданняў. Як называлі ў народзе сузор’е Вялікай Мядзведзіцы правільна адказалі толькі 4% удзельнікаў-пяцікласнікаў і 5% удзельнікаў-шасцікласнікаў.
Інфармацыя аб выкананні задання для 7-8 класаў вучнямі 7 класа:
Паспяховасць выканання задання для 7-8 класаў вучнямі 8 класа:
У гэтым заданні толькі пытанні №8 і №13 ацэнены для ўдзельнікаў з розных паралеляў у розную колькасць балаў, пры гэтым на пытанні №№11, 13 і 26 сямікласнікі адказвалі больш паспяхова, чым васьмікласнікі, а на пытанні №№19, 22, 24 і 25 аднолькава паспяхова. Пытанне №1 пра калядную песню стала самым лёгкім у гэтым заданні. Правільны адказ на яго далі 88% сямікласнікаў і 89% васьмікласнікаў. Менш за ўсе правільных адказаў атрымана на пытанне №10. Толькі 5% вучняў 7 класа і 7% навучэнцаў 8 класа правільна адказалі, што ўсе з прыведзеных у гэтым пытанні навук вывучаюць міфалогію.
Звесткі аб выкананні задання вучнямі 9 класа:
Самым лёгкім пытаннем гэтага задання аказалася пытанне №15 (74% правільных адказаў), дзе ўдзельнікі павінны былі дапоўніць устойлівае спалучэнне. Найбольш складаным для дзевяцікласнікаў стала пытанне №5 (18% правільных адказаў). Большасьць удзельнікаў палічылі, што адным з старажытнейшых гарадоў Беларусі, які часта называюць другім Іерусалімам, з'яўляцца Полацк. На самай справе, правільны адказ на пытанне – Тураў.
Паспяховасць выканання задання для 10-11 класаў, над якім працавалі дзесяцікласнікі:
Паспяховасць выканання задання для 10-11 класаў вучнямі 11 класа:
У гэтым заданні пытанні №№ 16, 19 і 20 ацэнены ў розную колькасць балаў. Пры гэтым толькі на адно пытанне адзінаццацікласнікі адказалі лепш, чым дзесяцікласнікі. Гэта пытанне №19 пра ўстойлівы выраз “сена на асфальце”. Цікава, што гэта адзінае пытанне, якое для навучэнцаў 10 класа аказалася цяжкім, пяцібальным, а для выпускнікоў – лёгкім, трохбальным. Яшчэ на два пытання (№9 і №18) адзінаццацікласнікі адказалі аднолькава паспяхова з дзесяцікласнікамі. Самым лёгкім пытаннем гэтага задання (79% і 70% правільных адказаў адпаведна) стала пытанне №1, у якім прапаноўвалася завяршыць радок з народнай песні. Менш за ўсё правільных адказаў атрымана на пытанне №11. 24% вучняў 10 класа і 22% выпускнікоў правільна адказалі, што “беларускім Ясеніным” называлі Паўлюка Труса.
Узровень складанасці заданняў у цэлым характарызуе сярэдні бал па краіне. На наступнай дыяграме паказаны сярэдні бал для кожнай паралелі:
Нагадваем удзельнікам і арганізатарам конкурсу, што на працягу месяца з дня размяшчэння на сайце вынікі будуць лічыцца папярэднімі. На працягу гэтага часу можна звяртацца з пытаннямі і заўвагамі, пасля чаго вынікі аб'яўляюцца канчатковымі.
Пасля размяшчэння канчатковых вынікаў удзельнікі, зарэгістраваныя на сайце, змогуць дадаць у асабісты кабінет вынік свайго ўдзелу ў гульні-конкурсе і атрымаць электронны варыянт пасведчання ўдзельніка.
Выказваем падзяку навучэнцам, настаўнікам, арганізатарам ва ўстановах, аддзелах і ўпраўленнях адукацыі, якія прынялі ўдзел, добрасумленна арганізавалі і правялі гульню-конкурс.
Аргкамітэт віншуе ўсіх удзельнікаў конкурсу "Буслік-2019". Кожны ўдзельнік атрымае прыз «для ўсіх». 20% навучэнцаў, якія паказалі лепшыя вынікі ў сваіх установах адукацыі, будуць заахвочаны дадатковымі прызамі.
Усім удзельнікам конкурсу жадаем мэтанакіраванасці, поспехаў у вучобе, рэалізацыі вызначаных задач і планаў.