Пачынаецца дастаўка друкаваных выніковых пратаколаў і прызоў за ўдзел у гульні-конкурсе "Буслік-2020" у раённыя (гарадскія) аргкамітэты конкурсу. |
Усе ўдзельнікі гульні-конкурсу па беларускай мове і літаратуры «Буслік-2020» атрымліваюць "прыз для ўсіх", які ўключае пасведчанне ўдзельніка, ручку з эмблемай конкурсу і адну з брашур:
✦ «Буслік пра птушак» для ўдзельнікаў, вучняў 3-4 класаў. Кніга запрашае чытача ў цікавае «птушынае царства»: пазнавальныя артыкулы і творчыя заданні пашыраць кругагляд не толькі пра бусла (сімвала нашай Радзімы), але і пра многіх іншых птушак. Займальны матэрыял дазволіць вучням удасканаліць свае веды і ўменні па розных раздзелах прадмета «Беларуская мова».
✦ «Скарбонка “Бусліка”: пазнавальныя артыкулы і творчыя заданні для вучняў 6-11 класаў» для ўдзельнікаў, вучняў 5-11 класаў. У кнізе змешчаны пазнавальныя матэрыялы за папярэднія гады правядзення гульні-конкурсу «Буслік» па беларускай мове і літаратуры.
20% удзельнікаў, якія паказалі лепшыя вынікі ва ўстановах адукацыі, атрымліваюць у якасці дадатковага прыза сувенірны медаль і адну з кніг:
✦ «Чароўныя майстэрні» для ўдзельнікаў, вучняў 3-4 класаў;
✦ «Алімпіяды па беларускай мове і літаратуры: Водгук на мастацкі твор. Вуснае выказванне» для ўдзельнікаў, вучняў 5-11 класаў.
Дадзеныя кнігі таксама атрымаюць арганізатары конкурсу ва ўстановах адукацыі і ў раёнах (гарадах). Выказваем падзяку за працу і супрацоўніцтва ўсім настаўнікам і арганізатарам.
Віншуем усіх з Калядамі і Новым годам! Жадаем моцнага здароўя, добра адпачыць і набрацца сіл падчас канікул, з выдатным настроем сустрэць святы!