Вынікі конкурсу "Буслік-2023"

28.03.2023

Буслік

Падведзены вынікі гульні-конкурсу па беларускай мове і літаратуры "Буслік-2023". Конкурс быў праведзены 16 лютага 2023 года. У ім прынялі ўдзел 63 873 навучэнцы з 2 181 установы адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Конкурс праводзіўся па шасці варыянтах заданняў, якія былі падрыхтаваныя для вучняў 2-11 класаў. Праявілі цікавасць і прынялі ўдзел у гульні і пяць навучэнцаў першага класа. Размеркаванне ўдзельнікаў у адпаведнасці з класамі наступнае:

Буслік

На дыяграмах ніжэй прыведзены дадзеныя аб тым, які працэнт правільных адказаў атрыманы ад удзельнікаў на кожнае з пытанняў задання. Узроўні складанасці пытанняў у 3, 4 і 5 балаў для нагляднасці абазначаны рознымі колерамі. Нагадаем, што ўзровень складанасці пытанняў вызначаецца пасля праверкі ўсіх работ па колькасці ўдзельнікаў, якія адказалі на іх правільна. Дзесяць (восем для вучняў 1-4 класаў) найбольш лёгкіх пытанняў, на якія правільна адказала большасць удзельнікаў, ацэньваюцца па 3 балы, дзесяць (восем) найбольш цяжкіх пытанняў – па 5 балаў, астатнія дзесяць (восем) – па 4 балы.

Паспяховасць выканання задання для 2 класа:

Буслік

Дыяграма наглядна дэманструе, што самыя юныя ўдзельнікі конкурсу досыць паспяхова справіліся з заданнем. Лідарам па колькасці правільных адказаў (92%) стала пытанне №4 аб назвах птушак, у якіх ёсць літара і. Менш за ўсё правільных адказаў (47%) атрымана на пытанне №9 пра народнае выслоўе “рабіць з мухі слана”.

Паспяховасць выканання задання для 3-4-х класаў вучнямі 3 класа:

Буслік

Паспяховасць выканання задання для 3-4-х класаў вучнямі 4 класа:

Буслік

З дыяграм бачна, што пытанні №№2, 6, 8, 10, 11, 15 і 16 ацэнены для ўдзельнікаў з розных паралеляў у розную колькасць балаў. На 4 пытанні задання (№№ 4, 13, 21 і 24) вучні трэцяга класа адказвалі лепш, чым чацвёртакласнікі, а на пытанні №11 і №12 працэнт правільных адказаў аднолькавы.

Для ўсіх удзельнікаў самым лёгкім стала пытанне №5 (84% і 88% правільных адказаў адпаведна), у якім было неабходна ўставіць галосныя на месцы пропуску ў слове. Менш за ўсё правільных адказаў (13% і 12% адпаведна) атрымана на пытанне №21. Большасць удзельнікаў няўважліва прачыталі пытанне і падлічылі колькасць літар д у вершаванай загадцы, аднак трэба было падлічыць колькасць гукаў [т] толькі ў назоўніках.

Звесткі аб выкананні задання для 5-6-х класаў вучнямі 5 класа:

Буслік

Паспяховасць выканання задання для 5-6-х класаў вучнямі 6 класа:

Буслік

У гэтым заданні пытанні №№2, 5, 15, 21, 25, 26 і 28 ацэнены для ўдзельнікаў з розных паралеляў у розную колькасць балаў. На тры пытанні (№№9, 15 і 22) пяцікласнікі адказалі лепш за шасцікласнікаў, і на пяць (№№2, 10, 16, 19 і 30) адказы аднолькава паспяховыя.

Самым лёгкім (85% і 87% правільных адказаў адпаведна) у гэтым заданні аказалася пытанне №17, у якім трэба было вызначыць словам на рускай мове іх адпаведнікі на беларускай мове. Найбольш складаным (19% правільных адказаў) для ўдзельнікаў пятай паралелі аказалася пытанне №14 пра адназначныя словы. Для шасцікласнікаў самым складаным (27% правільных адказаў) стала пытанне №9 пра ўстойлівае спалучэнне, якому адпавядае значэнне ‘быць у добрых сяброўскіх адносінах’.

Інфармацыя аб выкананні задання для 7-8-х класаў вучнямі 7 класа:

Буслік

Паспяховасць выканання задання для 7-8-х класаў вучнямі 8 класа:

Буслік

У розную колькасць балаў ацэнены пытанні №№14, 19, 26 і 28. У гэтых паралелях васьмікласнікі пацвердзілі лепшыя веды па прадмеце ў параўнанні з сямікласнікамі. Толькі на пытанне №27 сямікласнікі адказалі больш паспяхова і на пытанні №3 і №18 працэнт правільных адказаў аднолькавы.

Пытанне №2 на дапаўненне народных выразаў стала самым лёгкім пытаннем гэтага задання (91% і 93% правільных адказаў адпаведна). Менш за ўсе правільных адказаў (па 18%) атрымана на пытанне №24 пра канчаткі назоўнікаў у форме роднага склону адзіночнага ліку.

Звесткі аб выкананні задання вучнямі 9 класа:

Буслік

Самым лёгкім пытаннем гэтага задання аказалася пытанне №8 (77% правільных адказаў), у якім прапанавалася дапоўніць народныя выразы. Найбольш складаным для дзевяцікласнікаў стала пытанне №5. Толькі 12% удзельнікаў правільна адказалі на пытанне аб сінонімах да выразу тэт-а-тэт.

Паспяховасць выканання задання для 10-11-х класаў, над якім працавалі дзесяцікласнікі:

Буслік

Паспяховасць выканання задання для 10-11-х класаў вучнямі 11 класа:

Буслік

У гэтым заданні ў розную колькасць балаў ацэнены пытанні №№4, 14, 24 і 28. Традыцыйна вучні дзясятага класа спраўляюцца з заданнем лепш за выпускнікоў. Толькі на тры пытанні з трыццаці (№№7, 11 і 28) адзінаццацікласнікі адказалі лепш, чым дзясяцікласнікі, і на яшчэ адно (№3) аднолькава паспяхова.

Найбольш паспяхова ўдзельнікі справіліся з адказам на пытанне №5 (75% і 68% правільных адказаў адпаведна) аб спалучэннях слоў, якія ўтвораны правільна. Менш за ўсё правільных адказаў атрымана на пытанне №11 (14% і 19% адпаведна) аб напісанні дзеясловаў у форме 2 асобы множнага ліку.

Узровень складанасці заданняў у цэлым характарызуе сярэдні бал па краіне. На наступнай дыяграме паказаны сярэдні бал для кожнай паралелі:

Буслік

Звяртаем увагу ўдзельнікаў і арганізатараў конкурсу, што 15 дзён вынікі з'яўляюцца папярэднімі. На працягу гэтага часу можна звяртацца з пытаннямі і заўвагамі, пасля чаго вынікі аб'яўляюцца канчатковымі.

Пасля размяшчэння канчатковых вынікаў удзельнікі, якія зарэгістраваны на сайце, змогуць дадаць у асабісты кабінет вынік свайго ўдзелу ў гульні-конкурсе і атрымаць электронны варыянт пасведчання ўдзельніка.

Выказваем падзяку настаўнікам, арганізатарам ва ўстановах, аддзелах і ўпраўленнях адукацыі, якія арганізавалі і правялі для сваіх навучэнцаў гэту гульню-конкурс.

Кожны ўдзельнік конкурсу "Буслік-2023" атрымае прыз «для ўсіх». 20% навучэнцаў, якія паказалі лепшыя вынікі ў сваіх установах адукацыі, будуць заахвочаны прызамі «за высокі вынік».

Жадаем усім здароўя, добрага настрою, поспехаў у вучобе і ў інтэлектуальных спаборніцтвах.

uparrow