Пачынаецца дастаўка прызоў за ўдзел у гульні-конкурсе "Буслік-2023" і друкаваных выніковых пратаколаў у раённыя (гарадскія) аргкамітэты конкурсу. |
Усе ўдзельнікі гульні-конкурсу па беларускай мове і літаратуры «Буслік-2023» атрымліваюць "прыз для ўсіх", які ўключае пасведчанне ўдзельніка, ручку з эмблемай конкурсу і адну з брашур:
✦ Буслік пра птушак для ўдзельнікаў, якія навучаліся ў 2-4 класах. Кніга запрашае чытача ў цікавае «птушынае царства»: пазнавальныя артыкулы і творчыя заданні пашыраць кругагляд не толькі пра бусла (сімвала нашай Радзімы), але і пра многіх іншых птушак.
✦ «Буслік» пра цікавае для ўдзельнікаў, якія навучаліся ў 5-11 класах. У кнізе змешчаны пазнавальныя матэрыялы для ўдасканалення і замацавання ведаў, пашырэння кругагляду.
20% удзельнікаў, якія паказалі лепшыя вынікі ва ўстановах адукацыі, атрымліваюць у якасці дадатковага прыза "за высокі вынік" сувенірны медаль і адну з кніг:
✦ Гэта ўсё – Радзіма наша для ўдзельнікаў, якія навучаліся ў 2-4 класах. Змест тэкстаў арыентаваны на развіццё цікавасці да чытання як сродку пазнання навакольнага асяроддзя, садзейнічае стварэнню ўмоў для развіцця пазнавальнай актыўнасці дзяцей, іх творчых здольнасцей. Тэксты могуць выкарыстоўвацца для пашырэння кругагляду дзіцяці, а таксама для выхавання гуманных адносін да ўсяго жывога, развіцця патрэбнасці ў пазнанні прыроды, фарміравання элементаў экалагічных ведаў.
✦ Азбукоўнік: пазнавальна-навуковая, часам гульнёвая, кніжка-чытанка, камусьці забаўлянка. (Частка 1) для ўдзельнікаў, якія навучаліся ў 5-11 класах. У кнізе расказваецца пра сучасны беларускі алфавіт. Прасочваецца гісторыя з’яўлення кожнай літары, падаецца як тэарэтычны, так і практычны матэрыял на засваенне навыкаў дакладнага і правільнага ўжывання адпаведнай літары. Каб паказаць лексічнае багацце сучаснай беларускай мовы падаецца колькасць слоў на пэўную літару. Змешчаны таксама займальны матэрыял: гульні, загадкі, цікавая і пазнавальная інфармацыя, звязаная з пэўнай літарай.
Дадзеныя кнігі таксама атрымаюць арганізатары конкурсу ва ўстановах адукацыі і ў раёнах (гарадах).
Жадаем усім здароўя, добрага настрою, высокіх дасягненняў у вучобе і творчасці.